Купалаўскі тэатр. Сто слаўных гадоў

14 верасня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы меўся адзначыць сваё 100-годдзе на роднай сцэне. Да векавога юбілею было падрыхтавана і шмат падарункаў. Адзін з іх — кніга “Гісторыя Купалаўскага тэатра”.

Як напісана ў прадмове, “стогадовая гісторыя — гэта тысячы і тысячы малых і вялікіх гісторый, якія адбываліся і адбываюцца ў тэатры штодня”. У гэту кнігу, зразумела, не ўвайшлі падзеі жніўня-верасня бягучага года… Але калі пазнаёміцца з гісторыяй Купалаўскага тэатра, то разумееш, чаму менавіта такі выбар зрабілі артысты, рэжысёры, дырэктар і супрацоўнікі дапаможных служб — такі іх лёс, такі культурны і грамадзянскі код купалаўцаў.

 

1890 — 1920: чаму будынку 130 год, а тэатру — 100

Тэатральнае жыццё ў губернскім Мінску было, а вось свайго будынка ні адна трупа не мела. Таму ў Мінскай гарадской думе адзінагалосна прынялі пастанову пра пабудову новага гарадскога тэатра. Тагачасны губернатар Мікалай Трубяцкі выдатна ўсведамляў ролю “рускага” тэатра ў сталіцы Паўночна-Заходняга края.

Гарадскі галава Галіневіч адзначаў: “Театр мог служить такой же школой, таким же орудием воспитания, как и учебные заведения”.

26 чэрвеня 1888 г. адбылася ўрачыстая закладка будынка новага тэатра. Узводзілі яго амаль тры гады.

“Моцным штуршком да завяршэння будаўніцтва сталася прызначэнне на пасаду мінскага гарадскога галавы графа Караля Чапскага. Гэты чалавек узяўся пераўтвараць горад ў сапраўды еўрапейскі. Калі князь Трубяцкі быў прадстаўніком еўразійскай імперыі, граф Чапскі — еўрапейскай культуры”.

Урачыстае адкрыццё тэатра адбыллся 5 чэрвеня 1890 г. “У той дзень быў сыграны спектакль “Сфінкс” паводле моднага французскага драматурга Актава Фёйе. Першы тэатральны сезон адкрыўся спектаклем “Злоба дня” па п’есе рускага драматурга Мікалая Пацехіна”.

“Да 1905 г. у Беларусі існавала забарона тэатральных пастановак на беларускай, польскай і габрэйскай мовах, нягледзячы на рэальны нацыянальны склад гарадскога насельніцтва. Але зрухі ў грамадскім жыцці былі непазбежныя”.

Тым часам у Вільні з’явіўся Тэатр Ігната Буйніцкага, які ў 1911 г. пабываў у Мінску.

“Натхнёны ідэямі Буйніцкага, Фларыян Ждановіч арганізоўвае ў Мінску ў 1913 г. тэатральную трупу і пачынае рэпетаваць Купалаву “Паўлінку”. Акрылёныя гарачым водгукам Янкі Купалы, які прарочыў добрую будучыню Мінскаму беларускаму тэатру, выканаўцы пастанавілі называцца Першым таварыстам беларускай драмы і камедыі. Кіраўніком таварыства абралі Ждановіча. Але ж афіцыйнага дазволу на сваю дзейнасць не атрымалі. Ждановічу пагражаў арышт, і ён мусіў пакінуць Мінск. Таварыства забаранілі”.

“Увесну 1917 г. артысты Таварыства ігралі на сцэнах Мінскага гарадскога тэатра і “Беларускай хаткі”, пазней у Народным доме імя Багдановіча на Ляхаўцы. Але ж сталай пляцоўкі не мелі”.

“Ужо пры бальшавіках у лістападзе 1918-га артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі аб’ядналіся пад назвай Беларускі пралетарскі тэатр (дырэктар — Францішак Аляхновіч, галоўны рэжысёр — Фларыян Ждановіч)”.

“Будынак Мінскага гарадскога тэатра ў пераломныя гады пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцый служыў не толькі мастацтву. У тэатры адбываліся падзеі, вызначальныя для будучыні беларускай дзяржавы. У снежні 1917 г. тут праходзіў першы Усебеларускі з’езд, у якім бралі ўдзел блізу 1800 дэлегатаў, якія прадстаўлялі амаль усе слаі насельніцтва. З’езд прызнаў і абвесціў права беларускага народа на самавызначэнне і дэмакратычную форму кіравання, аднак быў разагнаны бальшавікамі”.

Назву Пралетарскі тэатр неўзабаве замянілі на Беларускі савецкі тэатр. Ён паўстаў на базе Першага таварыства драмы і камедыі. Яму савецкія ўлады і перадалі будынак Мінскага гарадскога тэатра.

У 1920 г. на аснове Таварыства быў створаны Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ) — сучасны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Гэткім чынам, гісторыя Мінскага гарадскога зімовага тэатра скончылася. Надышла новая эпоха і распачылася новая гісторыя тэатра. Цяпер у газетах ён называўся “Белдзяржтэатр”.

 

1920 — 1930: кароткі перыяд Адраджэння,

Адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра адбылося 14 верасня 1920 г. Пасля урачыстай часткі беларуская трупа паказала спектакль “Рысь” паводле аповесці Элізы Ажэшкі “У зімовую ноч” у перакладзе Вацлава Ластоўскага і ў рэжысуры Фларыяна Ждановіча.

“У той самы дзень руская трупа сыграла спектакль “Вяселле” паводле Антона Чэхава, а габрэйская — “Мэншн” (“Людзі”) Шалом-Алейхема.

Усе тры трупы месціліся пад адным дахам да сакавіка 1922 г., калі будынак быў канчаткова замацаваны за беларускімі артыстамі.

Выступ 14 верасня аказаўся настолькі паспяховым, што на наступны дзень уся праграма была паўтораная. А праз тры дні на сцэне з аглушальным поспехам прайшла Купалава “Паўлінка” у пастаноўцы Фларыяна Ждановіча”.

Першы склад трупы, 1924 год

“У 1923-м, да 60-й гадавіны вызвольнага паўстання на Беларусі, Еўсцігней Міровіч ставіць спектакль “Кастусь Каліноўскі”, што стаўся падзеяй ў гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва і драматургіі. За першы сезон адбылося 26 паказаў. Агулам іх колькасць перасягне за сотню”.

“Тым часам у Беларусі шырылася хваля нацыянальна-культурнага Адраджэння, якая пачалася яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны. Афіцыйна ўлады абвесцілі “пачатак” беларусізацыі у ліпені 1924-га”.

“На ўзбочыне працэсу Адраджэння спачатку ў мяккай форме, а пасля ўсё больш заўважна і жорстка ў грамадствае і ў тэатры пачалі адбывацца “папраўкі” на класавае і пралетарскае. Былі ўведзены так званыя “суды над тэатрам”, дзе кожны мог абвінаваціць стваральнікаў спектакля ў кепскім рэпертуары, у дэкадэнстве, містыцызме, фармалізме”.

“Старшыня музычнай секцыі Інбелкульта, оперны спявак Вячаслаў Селях, узняў пытанне аб заснаванні беларускай оперы. Поспех спектакляў у БДТ з удзелам хору, аркестра і балета сведчыў пра сваечасовасць задумы. Гэтая ідэя ў далейшым мела працяг. У 1933 г. менавіта на сцэне БДТ адбылося адкрыццё будучага Опернага тэатра”.

У другой палове 1920-х ідэалагічны ціск на нацыянальна-культурнае жыццё і на тэатр у прыватнасці набыў акрэслены характар. Першым пад яго патрапіў БДТ-2, наватарскія спектаклі якога былі абвешчаны незразумелымі для простых людзей. Арыштавалі Францішка Аляхновіча.

У 1926 ад працы адхілілі Фларыяна Ждановіча, быў рэпрэсаваны ягоны брат, артыст Антук Крыніца.

Кароткі перыяд Адраджэння, свабоды творчасці і мастацтва скончыўся.

 

1930 — 1940: дрэнная арганізацыя палітычнага выхавання акцёраў

“У 1930-я гады ў тэатры пачалі актыўна ставіць сучасную савецкую драматургію, якая закранала актуальныя для тагачаснай рэчаіснасці і ідэалогіі пытанні: сацыялістычнае будаўніцтва, класавую барацьбу, пераадоленне перажыткаў мінулага… Новым кірункам стала стварэнне пастановак на вытворчую тэматыку”.

Сучастныя пастаноўкі мелі поспех, аднак гэта “не ўратавалі ані дырэктара Вячаслава Селяха, ані мастацкага кіраўніка Еўсцігнея Міровіча. Над імі даўно вісеў “дамоклаў меч”. Першы не быў камуністам, прыйшоў у тэатр па запрашэнні “нацдэмаў”, упарта не здымаў з рэпертуару спектаклі “Кастусь Каліноўскі”, “Каваль-ваявода”, “Над Нёманам”. У выніку ў 1930 г. Селях быў вызвалены ад пасады, а ў 1933 г., каб пазбегнуць арышту, ён увогуле з’ехаў з БССР. Міровіча з пачатку 1930-х пачалі рэзка крытыкаваць і абвінавачваць у бытавізме, натуралізме і правінцыялізме. У 1931 г. з рэпертуару з адзнакай “нацдэмаўскі” знялі яго спектакль “Кастусь Каліноўскі”, што ішоў з 1923 г. і меў надзвычайны поспех, а сам Міровіч у 1932 г. быў вымушаны пакінуць БДТ-1”.

Тэатральнае мастацтва паступова ператваралася ў “зброю барацьбы за генеральную лінію партыі” . Менавіта так яго роля была вызначана на першай Усебеларускай партыйнай нарадзе па пытаннях мастацтва ў 1931 г.  А праз год на Усебеларускай партыйнаий нарадзе “Аб становішчы і задачах развіцця тэатрау БССР” быў зацверджаны курс на пабудову “савецкага пралетарскага тэатра з новым рэпертуарам для новага гледача”.

“Для 1930-х гадоў вельмі значным, калі не вызначальным кірункам, стала стварэнне спектакляў, звязаных з выкрыццём “ворагаў” новага ладу жыцця, пастановак, дзе мінулае асэнсоўвалася ў адпаведнасці з ідэалогіяй як гісторыя класавага, нацыянальнага прыгнёту і барацьбы”.

Такімі спектаклямі ў БДТ-1 былі “Канец дружбы” К. Крапівы (1934, рэжысёры Л. Літвінаў, Л. Рахленка, мастак Л. Кроль) і “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка (1939, рэжысёр К. Саннікаў, мастак І. Ушакоў), “Салавей” З. Бядулі (1937, рэжысёры Л. Літвінаў, Л. Рахленка, мастак А. Марыкс), “Кацярына Жарнасек” М. Клімковіча (1938, рэжысёр М. Зораў, мастак І. Ушакоў), “Партызаны” К. Крапівы (1938, рэжысёры К. Саннікаў, Л. Рахленка, мастак Б. Малкін) і інш.

У хуткім часе Сектарам па кантролю за відовішчамі і рэпертуарам пры Наркамасветы БССР з рэпертуара БДТ-1 былі зняты спектаклі Льва Літвінава “Сімфонія гневу”, “Недарасль” і “Жакерыя”, у 1937-м усе яго пастаноўкі абвясцілі “палітычна і мастацка шкоднымі”, а сам Літвінаў быў арыштаваны НКУС.

Новым мастацкім кіраўніком БДТ-1 стаў Леанід Рахленка, які з 1929 г. працаваў у тэатры як акцёр і рэжысёр. Літвінаў неўзабаве вярнуўся ў тэатр на пасаду чарговага рэжысёра.

“У сакавіку 1939-га ў БДТ-1 была накіравана спецыяльная брыгада з Масквы, якая правярала ўстановы, што ўваходзілі ў структуру Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР. Па выніках праверкі, як піша гісторык Аляксандр Гужалоўскі, былі адзначаны такія недахопы, як малая колькасць п’ес савецкіх аўтараў, адсутнасць пастановак на абаронную тэматыку, дрэнная арганізацыя палітычнага выхавання акцёраў, а таксама “засмечанасць” акцёрскага складу”.

 

1940 — 1950: БДТ-1 стаў Купалаўскім

“1940-я гады сталі для першага Беларускага дзяржаўнага тэатра часам выпрабаванняў. Калектыў яшчэ не паспеў аправіцца ад стратаў, якія прынеслі яму і ўсяму беларускаму грамадству рэпрэсіі 1930-х гадоў, як пачалася вайна.

Але ж пачатак дзесяцігоддзя быў паспяховым. Лета 1940 г. сталася часам трыумфа для тэатра на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. На ёй ўпершыню культура Беларусі была прадстаўлена драматычным мастацтвам. БДТ-1 прывёз у Маскву спектаклі “Партызаны” (іх паказам адкрывалася выступленне тэатра на дэкадзе) і “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы, “Пагібель воўка” Э. Самуйлёнка, “Апошнія” М. Горкага”.

“Летам 1941 г. БДТ-1 выправіўся на гастролі ў Адэсу. У афішу была ўключана і адна з апошніх прэм’ер “Дурная для іншых, разумная для сябе”. Спектакль карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў і крытыкі, асаблівыя кампліменты чуліся ў адрас выканальніцы галоўнай ролі — Стэфаніі Станюты”.

Ў Адэсе акцёры даведаліся, што пачалася вайна. “Акцёры БДТ-1 былі разбіты на некалькі брыгад, якія абслугоўвалі вайсковыя падраздзяленні, трупа дзяжурыла ў санітарных і супрацьпажарных атрадах, а штовечар іграла спектакль “Партызаны”. Нярэдкімі падчас паказаў былі сігналы паветранай трывогі, калі гледачы і артысты разам спускаліся ў бомбасховішча. Так доўжылася да 30 чэрвеня, калі ў мэтах бяспекі ў Адэсе былі забароненыя ўсе публічныя паказы”.

Дырэктарка тэатру Фаня Алер здолела эвакуіраваць трупу тэатра ў Маскву, ехалі нават у мягкім вагоне — неверагодная раскоша па тым часе. З Масквы тэатр эвакуіравалі у Томск. “Нягледзячы на складанасці, 1 верасня 1941 г. БДТ-1 адкрыў свой новы сезон у Томску спектаклем “Партызаны”.

“Ваенны час адбіўся не толькі на характары рэпертуару БДТ-1, але ўвогуле абумоўліваў дзейнасць тэатра. Як і многія іншыя калектывы, тэатрам была сфарміравана франтавая брыгада: першая пад кіраўніцтвам Глеба Глебава — у 1943 г., другая пад кіраўніцтва Уладзіміра Уладамірскага — у 1944 г. Сродкі ад часткі паказаў на стацыянары і гастролях пайшлі на закупку баявога самалёта. На яго борце было напісана “БДТ-1”.

У Томску, 1943 год

У чэрвені 1942 г. трупу БДТ-1 агаломшыла вестка пра трагічную гібель у Маскве Янкі Купалы. Гэтая страшная навіна, магчыма, і сталася ў далейшым штуршком да пастаноўкі легендарнай “Паўлінкі”.

“Летам 1944 г., калі Фаня Алер першай прыехала ў Мінск, горад пакідаў цяжкае ўражанне: руіны, забітыя дошкамі дзверы тэатра з надпісам “Замініравана”, шыбеніцы ў Аляксандраўскім скверы. Аднак працы па аднаўленні будынка былі хутка наладжаны, і ўжо ў верасні трупа выехала з Томску ў Беларусь.

У Мінск трупа вярнулася 4 кастрычніка 1944 г. Умовы, у якіх апынуліся артысты, былі складанымі. Трупе выдзелілі некалькі драўляных дамкоў у раёне Юбілейнага рынку, былым квартале знішчанага гета, але пэўны час даводзілася жыць у будынку тэатра і спаць пад сцэнай. Гэта было адзінае цёплае месца ў халодным тэатры”.

Падчас нямецкай акупацыі

“Тым не менш, творчая работа пачалася, і ўжо ў кастрычніку тэатр адкрыў свой новы сезон у Мінску спектаклем “Урок жыцця” В. Галаўчынера”.

21 снежня 1944 г. першы Беларускі дзяржаўны тэатр атрымаў імя народнага паэта БССР Янкі Купалы. А ў снежні-лютым 1946 г. у цяпер ужо Купалаўскім тэатры прайшлі святочныя мерапрыемствы з нагоды яго 25-годдзя”.

“У 1946 г. з пасады звольнілі дырэктарку тэатра Фаню Алер, якая ўвесь няпросты ваенны час была побач з трупай. Адбілася на тэатры і “барацьба з носьбітамі бязроднага касмапалітызму”, распачатая на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” ў лютым 1949 г. У выніку яе Купалаўскі пакінуў рэжысёр Літвінаў.

Наступствы такой “культурнай палітыкі” стануць асабліва відавочнымі ў 1950-я гг”.

 

1950 — 1960: Купалаўскі ў прамым эфіры

“Першы пасляваенны рамонт будынак тэатра, амаль не змяніўшыся знешне, перажыў у 1949 г. згодна з праектам вядомага архітэктара Георгія Заборскага. У беларускай сталіцы шмат знакавых помнікаў, звязаных з творчасцю майстра.

Купалаўскі тэатр, 1956 год

Напрыканцы 1950-х адбылася новая рэканструкцыя будынка паводле праекта маладога архітэктара Абрама Духана. Тэатр быў мадыфікаваны практычна да непазнавальнасці. Праект прадугледжваў кардынальнае павелічэнне плошчы будынка. Былі надбудаваны два паверхі для адміністрацыйных мэтаў, яны вылучаліся з бакоў тэатра. Гэта не нашмат павялічыла плошчу тэатра, але кардынальна змяніла яго архітэктурны воблік. У краіне панавала хваля “барацьбы з архітэктурнымі празмернасцямі”, таму знешні воблік тэатра атрымаўся даволі стрыманым. Такім тэатр праіснаваў больш за пяцьдзесят гадоў”.

“Афіша 1950-х складалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі пастаноў, прынятых уладамі ў 1946 г., а гэта азначала панаванне на тэатральнай сцэне татальнага соцрэалізму і бесканфліктнасці. Тэмы для пастановак відавочна сыходзілі з партыйных “вярхоў”. Сацыяльныя заказы душылі тэатр. Такімі былі спектаклі “Голас Амерыкі” Б. Лаўранёва (рэжысёр Л. Літвінаў, 1950), цалкам адпаведны духу халоднай вайны, “Гібель Пампеева” М.Вірты (рэжысёр Л. Мазалеўская, 1953), ды шмат іншых”.

На гады ў тыя часы знікла з рэпертуару тэатра замежная класіка — бадай, адзіным яе прыкладам засталася ў афішах пачатку 1950-х бліскучая камедыя “Дзень цудоўных падманаў” Рычарда Брынслі Шэрыдана (1948). Поспехам карысталася русская класіка — пераважна пастаноўкі п’ес Аляксандра Астроўскага: “Таленты і паклоннікі” (1950), “Даходнае месца” (1953), “Праўда добра, а шчасце лепш” (1956).

“Востра паўстала ў тыя часы яшчэ адна надзвычай важная і для грамадства, і для тэатра праблема — моўная.

“Паклоннікі” — замест “прыхільнікі”, “даходны” — замест “прыбытковы”… На тагачасных тэатральных афішах усё часцей з’яўляліся недарэчныя калькаваныя пераклады як вынік паспяховай палітыкі русіфікацыі ва ўсёй рэспубліцы. Савецкаму народу рыхтавалі адзіную мову і адзіны лёс. У няпростым становішчы апынуўся і Беларускі дзяржаўны тэатр. Артысты чулі ўстрывожаныя галасы народных пісьменнікаў, здзіўленыя — гледачоў з беларускай глыбінкі і нацыянальнай інтэлігенцыі”.

“Пасля 1953 г. у краіне адбыліся зрухі, якія, безумоўна, закранулі і рэпертуарную палітыку тэатра. Змены пачаліся з пастаноўкі спектакля “Выбачайце, калі ласка!”. П’еса Андрэя Макаёнка прагучала смела, выбухова. Гэта быў доўгачаканы крок!

Пасля доўгай забароны на пастаноўку замежнай драматургіі, тэатр з цікавасцю і натхненнем вярнуўся да сусветнай класікі. Фрыдрых Шылер, Генрык Ібсэн, Аляксандр Фрэдра, Браніслаў Нушыч, Гільермэ Фігейрэда загучалі з Купалаўскай сцэны: адбыўся беларускі прарыў у прастору сусветнай літаратуры.

У 1955 г. тэатр прыняў удзел у Другой дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. На сцэне філіяла МХАТ з поспехам прайшла “Паўлінка”.

Пасля стварэння ў 1956 г. Беларускага тэлебачання напрацягу некалькіх гадоў яшчэ не было тэхнічных магчымасцяў для запісу тэлеспектакляў. Тады пастаноўкі купалаўцаў выходзілі ў прамым эфіры ў тэлестудыі”.

 

1960 — 1970: атмасфера творчай згоды і ўзаемнай пашаны

“Адліга” 1960-х адгукнулася ўздымам культуры і прынесла свежы подых у купалаўскую рэжысуру.

На дзесяцігоддзе лібералізацыі прыпаў творчы росквіт на беларускай сцэне маскоўскага рэжысёра Барыса Эрына. Разам з мастаком Арменам Грыгар’янцам яны імкнуліся да мастацкага эксперыменту, прапаноўвалі новую драматургію, кожны раз ствараючы на сцэне нечаканую “сімфонію”. Эрын далікатна выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках вопыт і творчы патэнцыял усіх пакаленняў артыстаў-купалаўцаў”.

Сярод бліскучых спектакляў таго часу — “Лявоніха на арбіце” А. Макаёнка ў пастаноўцы Б. Эрына і мастацкім афармленні Б. Волкава (1961).

“Чарговы макаёнкаўскі спектакль не пакідаў абыякавым нікога. Захапляла выдатная гульня артыстаў старэйшага пакалення Барыса Платонава і Глеба Глебава. Выбар Галіны Макаравай на ролю Лушкі-Лявоніхі адбыўся па гарачай просьбе самога драматурга. Гэта роля сталася сапраўднай сенсацыяй для публікі. З цягам часу выканаўцы ў спектаклі змяняліся, але Макарава ў вобразе Лушкі выходзіла на сцэну 600 разоў! Спектакль не сыходзіў з рэпертуарных афіш некалькі дзесяцігоддзяў”.

“З 1957 па 1967-ы, толькі вярнуўшыся з дваццацігадовай высылкі, у тэатры пачаў працаваць памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Юрка Гаўрук — выпускнік Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В.Брусава, выдатны перакладчык, знаўца шасці моваў, колішні сябра Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”, дацэнт, выкладчык сусветнай літаратуры. Ягоныя пераклады Шэкспіра на беларускую мову лічацца аднымі з найлепшых”.

“У 1960-я гг. з тэатрам працавалі кампазітары Яўген Глебаў, Сяргей Картэс, Дзмітрый Смольскі, Алег Янчанка, якія з цягам часу здабылі сусветную славу. Дзякуючы арыгінальнай музыцы, у спектаклях з’явілася новая, адметная гукавая атмасфера.

У другой палове 1960-х гг. на купалаўскай сцэне ставяцца спектаклі паводле твораў Сяргея Грахоўскага, Алеся Петрашкевіча, Івана Шамякіна. Шасцідзясятыя гады былі пераломнымі, натхняльнымі і па-свойму шчаслівымі для тэатра — у Купалаўскім захоўвалася атмасфера творчай згоды і ўзаемнай пашаны”.

 

1970 — 1980: пачатак “эпохі Раеўскага”

“У 1970-я гады ў Купалаўскім тэатры адбываюцца заўважныя змены, звязаныя з нядаўнім прыходам у калектыў маладых і таленавітых рэжысёраў Валерыя Раеўскага і Барыса Луцэнкі.

Валеры Раеўскі

З 1973 г. галоўным рэжысёрам становіцца Валеры Раеўскі. Трыццаць шэсць гадоў выпадзе Раеўскаму кіраваць тэатрам! Небывалы тэрмін для такой складанай “нязручнай” пасады. Але ж ва ўсе аналы гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва гэты перыяд Купалаўскага тэатра ўвойдзе пад назвай “эпоха Раеўскага”.

“Сапраўды, галоўныя дасягненні купалаўцаў гэтага перыяду былі звязаны з імёнамі драматургаў Андрэя Макаёнка, Кандрата Крапівы, Мікалая Матукоўскага.

Камедыя Макаёнка “Таблетку пад язык” працягвала лінію, пачатую драматургам у п’есах “Выбачайце, калі ласка!”, “Каб людзі не журыліся”, “Лявоніха на арбіце” — знакамітых купалаўскіх спектакляў.

Галоўнае месца ў рэпертуары тэатра ў 70-я займелі творы сучасных аўтараў. Тэксты шукалі, замаўлялі, пра іх спрачаліся, не ўсе яны адпавядалі неабходнаму літаратурнаму ўзроўню, але падымалі праблемы тагачаснай рэчаіснасці, далёкага і блізкага мінулага”.

“Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Барыс Луцэнка паставіў драму “Раскіданае гняздо”. (1972 г., у 1982 г. спектакль быў адноўлены). Раскіданае гняздо сям’і Зяблікаў сталася вобразам беларускай долі пачатку ХІХ с. — існаванне без зямлі і волі”.

“Тэатр у 70-я гады быў адасоблены ад жывога знаёмства з сусветным тэатральным мастацтвам наяўнасцю “жалезнай заслоны”. Па-ранейшаму існаваў партыйны ідэалагічны ціск, але жыццё рушыла наперад.

У 70-я яскрава заявіла пра сябе купалаўская трупа — сталае і маладое пакаленне”.

Фаня Алер

“У 70-я па запрашэнні вядучых артыстаў і кіраўніцтва ў тэатр вярнулася былая дырэктарка Фаня Алер. Па яе ініцыятыве ў тэатры пачаў стварацца музей. Ягоная экспазіцыя месцілася на вітрынах у прасторы рэпетыцыйнай залы “старога тэатра”, там, дзе ў сучасным тэатры знаходзіцца Камінная зала”.

 

1980 — 1990: час “пастановачнай”, “канцэптуальнай” рэжысуры

“У 1980 г. у рэпертуары тэатра з’явіўся спектакль “Пагарэльцы” (першая назва “На кірмашы”) паводле А.Макаёнка, якую доўгі час не дазвалялі ўключаць у рэпертуарны план.

Напісаная ў жанры камедыі, п’еса была вострай сатырай на савецкі лад жыцця 1930-50-х гадоў. Нягледзячы на тое, што яе ўхваліў першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў, яна праляжала ў стале драматурга больш за дзесяць гадоў і неаднойчы перараблялася. Макаёнак згадваў, што працаваў над ёй больш, чым над усімі сваімі іншымі творамі.

Валеры Раеўскі пайшоў на рызыку, і гледачы пабачылі спектакль. Пра той жахлівы час яшчэ не казалі ўголас, і спектакль стаўся адначасова мастацкай і грамадскай падзеяй. Ён вызначаўся ярка выпісанымі характарамі. У спектаклі былі задзейнічаны выдатныя купалаўскія акцёры: В.Тарасаў, П.Кармунін, Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч”.

“Яшчэ адзін спектакль на тэму сучаснасці — “Мудрамер” Мікалая Матукоўскага атрымаўся надзвычай смелым, яркім і нечаканым. Захапленне выклікала маштабная пабудова на сцэне, у якой кожны чыноўнік займаў сваё вызначанае месца. З цікавасцю ўспрымаўся тэкст п’есы, дыялогі персанажаў. Вынайдзены прыбор для вызначэння мудрасці здаваўся надзвычай актуальным”.

“Яркія старонкі гісторыі тэатра звязаны з пастаноўкамі Раеўскім п’ес Аляксея Дударава. У 1983 г. адбылася прэм’ера спектакля “Парог”. Пасля паспяховага паказу спектакля ў Маскве, Раеўскі быў запрошаны на пастаноўку “Парога” ў Дублін. І рэжысёр, і мастак-сцэнограф Барыс Герлаван былі надзвычай цёпла прыняты ірландскімі калегамі, пазнаёміліся з метадам іх працы”.

“Вызначальнымі для тэатра ў мастацкім асэнсаванні ваеннай тэмы сталіся пастаноўкі: “Плач перапёлкі” І. Чыгрынава (1980) і “Радавыя” А. Дударава (1984). У абодвух сцэнічных творах за будзённай прастатой раскрывалася жахлівая сутнасць вайны.

У маі 1984 г. мінскіх аматараў тэатра абляцела вестка — у Купалаўскім будзе падзея! Яна сапраўды адбылася. Спектакль “Радавыя” паводле Дударава ў рэжысуры Раеўскага зрабіў акцэнт і паказаў вайну як сусветную, агульналюдскую бяду”.

“Гарольд і Мод”

“У 1980-я гады пра свой тэатр заявіў Мікалай Пінігін. У 1985-м Раеўскі запрасіў маладога рэжысёра ў Купалаўскі тэатр. Спектакль “Гарольд і Мод” К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, пастаўлены рэжысёрам у 1986 г., стаўся легендарным. Выключнае акцёрскае майстэрства прадэманстравала ў ім непадражальная Стэфанія Станюта. Яе Мод, не зважаючы на паважаны ўзрост, лёгка рухалася, бліскуча выконвала тэхнічна складаныя трукі і ўвогуле ўяўляла сабой узор мудрасці і нязгаснага жыццялюбства”.

На Малай сцэне тэатра, адкрытай у 1983 г., упершыню былі пастаўлены творы зарубежных аўтараў мадэрнісцкай плыні — Эжэна Іанескі, Славаміра Мрожака, Юджына О’Ніла, Інгмара Бергмана.

80-я гады ўвайшлі ў гісторыю Купалаўскага тэатра як час, калі адбывалася інтэнсіўнае развіццё “пастановачнай”, “канцэптуальнай” рэжысуры.

 

1990 — 2000:Тутэйшыя” без цэнзуры

“90-я гады сталіся важным і складаным перыядам у жыцці тэатра. З аднаго боку, практычна знікла цэнзура, з’явілася свабода ў выбары рэпертуару, у магчымасці творчых эксперыментаў. Аднак мастацтву шкодзіла камерцыялізацыя і звязанае з ёй зніжэнне якасці тэатральных пастановак.

Вельмі знізілася ў тыя гады і запаўняльнасць глядзельнай залы. Але сітуацыя паступова выпраўлялася. Менавіта ў 90-я, напоўненыя натхненнем і спадзевамі на будучыню, на Купалаўскай сцэне з’явіліся найвыдатныя творы, якія супадалі з чаканнямі, надзеямі, з эстэтычным запатрабаваннем часу”.

“Сапраўднай падзеяй не толькі ў культурным, але і ў грамадскім жыцці Беларусі ў 1990-м годзе стала пастаноўка Мікалаем Пінігіным спектакля “Тутэйшыя” паводле выдатнай п’есы Янкі Купалы.

Упершыню беларускі глядач атрымаў магчымасць пазнаёміцца з тэкстам у поўным аб'ёме. Заслуга Пінігіна, як рэжысёра, заключалася ў тым, што ён не толькі прапанаваў пэўную інтэрпрэтацыю апісаных Купалам падзей, але і разглядаў іх з гледзішча дасвечанага чалавека канца ХХ стагоддзя.

“Тутэйшыя”

Тэкст, выдадзены ў перыяд Перабудовы, узнімаў важнае для Беларусі пытанне: хто такія “тутэйшыя”, што засялілі зямлю паміж Усходам і Захадам, і якія напрацягу стагоддзяў з’яўляюцца спрэчнай тэмай для навукоўцаў і палітыкаў? Гэты матыў быў выразна падмацаваны сцэнаграфіяй Барыса Герлавана: злева на сцэне касцёл, справа — царква, а пасярэдзіне — народная батлейка”.

Неўзабаве Пінігін звярнуўся да твораў класіка беларускай драматургіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і паставіў дзве яго п'есы: “Ідылію”, а пасля “Пінскую шляхту”.

"Пінская шляхта"

“Дзякуючы супрацоўніцтву Раеўскага з беларускім драматургам Аляксеем Дударавым, на сцэне тэатра з'явілася гістарычная трылогія: "Князь Вітаўт" (1997), "Чорная панна Нясвіжа" (2000) і пазней — "Ядвіга" (2008)”.

“У лістападзе 2000 года тэатр, ўсе яго прыхільнікі, ды і ўвесь горад развіталіся са Стэфаніяй Станютай — сапраўднай легендай Купалаўскага тэатра, Станюткай, як ласкава называла сваю сяброўку народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Яна пражыла цэлую эпоху — 95 гадоў. Яе жыццё было насычана неверагоднымі падзеямі. Яна была сведкай усіх бедаў і радасцяў ХХ стагоддзя. Бачыла Мінск такім, якім мы яго ўжо ніколі не пабачым. Яе любілі за дабрыню, высакародства, адкрытасць свету і пачуццё прыгажосці, якое суправаджала Стэфанію Станюту на працягу ўсяго жыцця”.

 

2010 — 2020

“Другое дзесяцігоддзе ХХІ ст. сталася надзвычай насычаным у самых розных напрамках.

Пачатак працы Мікалая Пінігіна ў якасці мастацкага кіраўніка супадае з перыядам грунтоўнай рэканструкцыі тэатра. Гэты працэс доўжыўся з лета 2010 года па вясну 2013-га. Купалаўскай трупе давялося працаваць ў трох розных памяшканнях у горадзе. Галоўнай мэтай архітэктараў было аднаўленне знешняга выгляду тэатра паводле ўзору 1890 года. У выніку рэканструкцыі будынака плошча тэатра значна павялічалася, з'явіліся два новых рэпетыцыйных пакоі, зручныя грымёркі, а сцэна атрымала найсучаснейшае абсталяванне”.

“Адзін з рэпетыцыйных пакояў тэатра стаў выкарыстоўвацца пад Камерную сцэну, на якой з’явілася магчымасць ставіць тэатральныя эксперыменты”.

Адбыліся спектаклі маладых рэжысёраў і на Вялікай сцэне — “Вешальнікі” паводле М. МакДонаха Віталя Краўчанкі (2018) і “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" паводле Я. Баршчэўскага ў пастаноўцы Алены Ганум (2019). Яшчэ раней за драматургію МакДонаха узяўся артыст тэатра Павел Харланчук-Южакоў, паставіўшы спектакль “Самотны Захад” (2011)”.

“Бадай, самым папулярным на Камернай сцэне стаў спектакль “Радзіва Прудок” (2018) паводле дэбютнай кнігі Андрэя Горвата. Гісторыя Горвата сапраўды заслугоўвала сцэны. Былы дворнік Купалаўскага тэатра з прозвішчам чалавека з роду Горватаў, які ў 1890 г. спрычыніўся да пабудовы тэатра, праславіў яго сваёй творчасцю”.

"Офіс"

“Заслугай Пінігіна стаў той факт, што ён прапанаваў праявіць свой талент рэжысёрам маладога пакалення. Запрошаная ў тэатр Кацярына Аверкава паставіла спектаклі “Офіс” І. Лаўзунда (2010) і “Тата” Д. Багаслаўскага (2014).

Таксама прадэманстравалі сваё майстэрства Аляксандар Янушкевіч з “Арабскай ноччу” Р. Шымельпфеніга (2013), Алена Ганум з “Шабанамі” паводле А.Бахарэвіча (2015)”.

"Шабаны"

“На адкрыцці адрэстаўраванага тэатра 29 сакавіка 2013 г. была паказана адноўленая мастацкім кіраўніком версія Купалавай "Паўлінкі". Гэты легендарны спектакль, які з 1944 года ідзе на Купалаўскай сцэне, у 2020 г. атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Гэта, бадай, самая даўняя пастаноўка з існуючых драматычных спектакляў у Беларусі, а, магчыма, і ў свеце. Мільённыя прагляды “Паўлінкі” таксама ператварылі яе ў легенду і візітку Купалаўскага.

“Паўлінка” — узор класічнага беларускага тэатра — дэкарацыі, дыялогі, малюнкі роляў з’яўляюцца зусім не “музеем”, не “этнаграфіяй”, а жывым тэатральным феноменам беларускай культурнай прасторы.

 

“Паўлінка”

Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін заўсёды кажа, што нацыянальны тэатр павінен ментальна адпавядаць нацыі, як раз гэтая ўнікальная пастаноўка і ўяўляе сабой архетыповы зрэз “беларускай душы”, у якім мова выступае адным з галоўных сродкаў перадачы культурнага кода нацыі”.

“Выбар Пінігіным эпічнай паэмы “Пан Тадэвуш” (2014) для пастаноўкі не выпадковы. Славуты еўрапейскі паэт Адам Міцкевіч нарадзіўся на Навагрудчыне.

Пінігін казаў: “Сам Міцкевіч хацеў, каб простыя людзі чыталі гэтую кнігу. Я і наш тэатр робім гэта. Мы робім гэта тымі сціплымі высілкамі, на якія здольны тэатр. Гэта выдатная паэма. Я чытаў яе дванаццаць дзён. Там столькі ўсяго! Для мяне гэта найперш асветніцкі праект: лічу неабходным вяртаць гледача да нашай гісторыі. Змяняюцца толькі дзяржаўныя назвы: Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, СССР, БНР, БССР, незалежная Беларусь. А этнас застаецца”.

У 2014 г. спектакль з вялікім поспехам адбыўся ў Парыжы пад час гастроляў тэатра па запрашэнні пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі”.

“Мова, якая прагучала ў спектаклі “Рэвізор” (2018), сталася адным з галоўных герояў пастаноўкі. Пінігін, як рэжысёр, зрабіў досыць рызыкоўны эксперымент: ён замовіў пераклад п’есы гогалеўскай п’есы на трасянку. У выніку быў створаны моўны шэдэўр, аўтарам якога з'яўляецца перакладчыца Марыя Пушкіна. Дзеянне спектакля было перанесена недзе ў 1970-я гады. ХХ ст. у беларускую глыбінку.

Сутыкненне мясцовых чыноўнікаў з Хлестаковым, які размаўляў на выключнай беларускай літаратурнай мове, нечакана надало акцёрам новую, беспрэцэдэнтную якасць, а хрыстаматыйнаму твору — новае прачытанне”.

“Рэвізор”

“У верасні 2019 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё 100-га тэатральнага сезона. Упершыню свята выйшла за сцены тэатра. У Аляксандраўскім скверы насупраць старога фантана размясцілася сцэна, на якой да самай ночы гучала музыка і спевы. Нягледзячы на даждлівы дзень, у кожным кутку сквера адбываліся імпрэзы і актыўнасці. А ў самім тэатры — экскурсіі па закуліссі. Перад пачаткам святочных урачыстасцей уся трупа разам з генаральным дырэктарам Паўлам Латушкам і мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным знялася перад фасадам свайго тэатра”. 

“Можна з упэўненасцю сказаць, што за даволі кароткі час Мікалаю Пінігіну удалося стварыць сучасны тэатр еўрапейскага узроўню, дзякуючы выбару рэпертуара і людзей, якія выконваюць яго на сцэне”.

 

Вось мы і пагарталі старонкі ўнікальнага выдання. Ёсць добрая навіна: у бліжэйшы час у сувенірнай краме тэатра можна будзе набыць кнігу, але з 500 асобнікаў засталося няшмат. Гэты летапіс стварыў творчы калектыў: Вольга Бабкова, Кацярына Яроміна, Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі, Вераніка Ярмалінская, Андрэй Масквін, Аляксандр Мантуш, Ірына Сцяклова. І ячшэ шмат людзей ім дапамагалі: хто дзяліўся архіўнымі звесткамі, а хто — тэатральнымі гісторыямі.

Сёння векавы юбілей адзначаецца віртуальна. Але 101 — таксама вельмі прыгожая дата. Дык няхай купалаўцы сустрэнуць яе на роднай сцэне!

 

 

Выкарыстаны фотаматэрыялы kupalauski.by, tut.by, kyky.org, gorodminsk.blogspot.com, humus.livejournal.com, etoretro.ru, brtd.su, a1.by, zakazikea.by, charter97.link, myshared.ru, svoboda-3.ru, kudago.com, belkagomel.by