Відэадопыт Рыгора Кастусёва

Цацкацца з падазраванымі мы не збіраемся…

Новы праект інтэрнэт-газеты Naviny.by: ВІДЭАДОПЫТ

Даволі часта пасля інтэрв’ю з палітыкамі у нас, журналістаў, ды й у вас, чытачоў, застаецца ўражанне, што нас абдурылі. Недагаварылі, выкруціліся, забалбаталі пытанне, спаслаліся на таямніцу следства…

Вывесці іх на чыстую ваду — задача не з лёгкіх, але — адна з асноўных для журналістыкі, і мы вырашылі ўзяцца за суразмоўцаў сур’ёзна. Перш-найперш, скарыстоўваючы відэазапіс. Бо адна справа — чытаць, што чалавек адказаў на пытанне, часцей за ўсё — ужо ў адрэдагаваным ім самім выглядзе, і зусім іншая — бачыць яшчэ, ЯК ён адказваў. Нядрэмнае відэавока перадасць нам ягоную міміку, разгубленасць, злосць ды іншыя пачуцці, якія яго апанавалі.

У нас тут, зразумела, усё больш гуманна, чым у засценках КДБ, але цацкацца з падазраванымі мы таксама не збіраемся. Яны не маюць права трымаць маўчанне, не маюць права на адваката, і нават не сказанае імі можа быць скарыстана супраць іх. Абавязуемся бязлітасна заганяць голкі пытанняў пад кіпці іхніх душ.

 

Справа № 1. Рыгор Кастусёў
 Рыгор Кастусёў
53 гады. Родам з Магілёўскай вобласці
Беларус. Праваслаўны
Жанаты, мае трох дзяцей
Адукацыя — вышэйшая. Інжынер-механік
Вяршыня працоўнай кар’еры: дырэктар прадпрыемства
Партыйнасць: Партыя БНФ, намеснік старшыні
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года

Першым на відэадопыт мы выклікалі Рыгора Кастусёва. Бо першым жа і ўлады выпусцілі яго з «амерыканкі».

Гэты чалавек даволі імкліва ўварваўся на палітычны алімп падчас апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і сваімі заявамі ўжо не раз каламуціў ваду ў апазіцыйнай ступе. 


Што мы маем на яго на пачатак відэадопыта: 

• У 90-я гады ХХ стагоддзя беларускія спецслужбы спрабавалі яго завербаваць;
• Падчас выбараў «ваяваў» не толькі супраць уладаў, але і супраць «прарасейскіх кандыдатаў»;
• З яго слоў, адмовіўся здымаць сваю кандыдатуру, хаця яму прапанавалі за гэта 100 тысяч долараў;
• Ён адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты атрымаў станоўчую ацэнку з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі;
• Вечарам 19 снежня 2010 года быў затрыманы, але ўжо праз дзве ночы выпушчаны на волю — праўда, пад падпіску аб нявыездзе;
• Абскарджваў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у судзе, але не дамогся іх перагляду.

Прапануем Вашай увазе відэапратакол. Глядзіце ўважліва, высновы рабіце самі.
 

Відэадопыт Рыгора Кастусёва