Юры Салодкі. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ДАМОВА. Адказ дэпутата: “Адчапіцеся ад мяне са сваімі праблемамі!”

Актывісты “Гавары праўду” разаслалi аднолькавыя пытанні 20 дэпутатам, якія, як самі сцвярджаюць, прадстаўляюць інтарэсы жыхароў Мінска ў Палаце прадстаўнікоў...

 

Юры Салодкі. Нарадзіўся ў 1985 годзе. Юрыст (дзяржаўна-прававая дзейнасць). У грамадска-палітычным жыцці Беларусі прымае ўдзел з 2000 года. Быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарсавета. Прымаў удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года. Неаднаразова ўзнімаў пытанні незаконнай будоўлі, праблемы захавання сквераў і паркаў, недахопу дзіцячых садкоў і гульнявых пляцовак. Арганізатар шматлікіх лакальных ініцыятыў па абароне правоў грамадзян. Улетку 2011 года неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у акцыях пратэсту, у тым ліку за акцыю 3 ліпеня быў арыштаваны на 13 сутак. Цікавіцца гісторыяй, міжнароднымі зносінамі, геаграфіяй, спортам, тэатрам.

19 красавіка Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да народа і парламента. Пасля яго выступу ў дэпутатаў была магчымасць задаць пытанні, што цікавяць саміх дэпутатаў альбо выбарцаў, якіх яны прадстаўляюць. Мабыць у Беларусі ўсё цудоўна, стабільна і нявырашаных праблем няма, бо амаль усе сябры “парламента” прамаўчалі.

Ну, калі ў “народных абранцаў” пытанняў да Лукашэнкі не знайшлося, то ў нас, мінскіх актывістаў “Гавары праўду”, з’явілася багата пытанняў да саміх дэпутатаў, якія апошнія маглі б задаць кіраўніку дзяржавы.

Аднолькавыя пытанні былі разасланыя 20 дэпутатам, якія, як самі сцвярджаюць, прадстаўляюць інтарэсы жыхароў Мінска ў Палаце прадстаўнікоў. У дэпутатаў мы запыталі: “Што стала прычынай маўчання? Баязлівасць або адсутнасць праблем? Калі баязлівасць, тады дэпутатам не месца ў парламенце краіны, і наогул у дзяржаўнай службе. Калі адсутнасць праблем, тады мы Вам нагадаем некалькі праблемных пытанняў”.

І нагадалі ... пра ўшчыльняльную забудову Мінска, пра знішчэнне зялёных зон і наплявацельскае стаўленне гарадскіх уладаў да грамадзян; пра пастаяннае падаражэнне кошту навучання ў ВНУ Беларусі (па гэтых паказчыках мы ўжо абагналі некаторыя ВНУ ў краінах Еўропы, дзе даходы грамадзян вышэй, чым у Беларусі); таксама акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці абрання кіраўнікоў мясцовай выканаўчай улады (рай-, гар- і аблвыканкамаў), бо прызначаныя кіраўнікі часцяком выконваюць свае абавязкі нездавальняюча.

Нарэшце атрымалі першы адказ ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь Валянціны Сцяпанаўны Лявоненка (Купалаўская выбарчая акруга № 95).

З першых радкоў можна зразумець танальнасць адказу: “У сувязі з Вашым зваротам да мяне як дэпутата Палаты прадстаўнікоў з папрокам...».

Дазволю сабе заўважыць, што папроку не было, а былі толькі зададзены рытарычныя пытанні пра “баязлівасць або адсутнасць праблем у краіне”.

Далей спадарыня Лявоненка старанна апісвае заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць дэпутатаў у Беларусі, і заканчвае абзац фразай: “Лічу, што нельга зводзіць працу дэпутата і ацэньваць яе вырашэннем толькі тых праблем, якія ўяўляюць кола выключна Вашых інтарэсаў”. Гэта азначае, што ўшчыльняльная забудова Мінска, знішчэнне паркаў і сквераў (пра парк 40-годдзя Кастрычніка, знішчаны са згоды менавіта гэтага “дэпутата”, напішу крыху ніжэй), пастаяннае павелічэнне кошту навучання ў ВНУ краіны — мае асабістыя інтарэсы, якія ніяк не адлюстроўваюць меркаванне грамадзян?!

Калі спадарыня Лявоненка і праўда так лічыць, то яна адарвалася ад рэальнасці, так бы мовіць, сур’ёзна і надоўга. А калі ж напісала яна гэта, каб паказаць сябе разумнай і прыгожа выйсці з сітуацыі, то адказам сваім даказала адваротнае.

Вось яшчэ некалькі фраз з адказу.

На пытанне аб падаражэнні навучання ў ВНУ: “... у адпаведнасці з арт. 46 Кодэкса аб адукацыі РБ, студэнты маюць права на льготны крэдыт для аплаты першай вышэйшай адукацыі”. Значыцца, нічога страшнага, на думку “дэпутата”, у дарагім навучанні няма, бо можна браць крэдыт.

Або вось на тэму актуальную для Мінска як ніколі: «Калі ў Вас ёсць канкрэтныя прыклады, што на тэрыторыі Купалаўскай выбарчай акругі № 95 ўшчыльненне вядзецца з парушэннем, то я гатовая агучыць дадзеныя прыклады і пачуць адказы на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама». Гэта ўжо гучыць як здзек, бо дзеля будаўніцтва гатэля «Пекін» быў знішчаны парк 40-годдзя Кастрычніка, які размяшчаецца менавіта на тэрыторыі Купалаўскай выбарчай акругі № 95?!

Спадарыня Лявоненка асабіста прымала ўдзел у абмеркаванні праекта забудовы парку 40-годдзя Кастрычніка. І я выдатна памятаю, як падчас сустрэчы грамадзян з прадстаўнікамі ўлады (Мінгарвыканкам, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і дэпутат гарсавета) па пытанні знішчэння парку я выступіў з прамовай, у якой звярнуў увагу на праблемы і на тое, што гэты праект у літаральным сэнсе спрабуюць праціснуць, і ў той час як дэпутаты, якія павінны быць на баку грамадзян, дэпутат Лявоненка стаіць на абароне інтарэсаў гарадскіх уладаў і выступае за знішчэнне парку і будаўніцтва гатэля “Пекін”.

Рэакцыя спадарыні Лявоненка была наступнай: “Не трэба ўсё пераводзіць у палітычнае рэчышча! Што Вы развялі тут дэмакратыю? Прынята рашэнне, яно пойдзе на карысць гораду!”. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што дзесяткі грамадзян, прысутных у зале, пачалі гучна абурацца і выкрыкваць: маўляў, што, дэмакратыя — гэта хіба дрэнна?

Пачакаем, што адкажуць астатнія 19 дэпутатаў ад горада Мінска, але з першага ліста Валянціны Лявоненка становіцца зразумела, наколькі знахабіліся некаторыя “дэпутаты”. Дэпутатка не толькі спрабуе неяк апраўдаць сваю пасіўнасць, але і контратакуе. Нармалёвая рэакцыя для чалавека, які займае не сваё месца. Такіх у Палаце прадстаўнікоў шмат. Яны, атрымаўшы добрую зарплату за маўчанне ў парламенце, не збіраюцца рэагаваць на праблемы жыхароў.

Ну што ж, няхай праседжваюць штаны і спадніцы, а мы працягнем супрацу з нашымі будучымі выбаршчыкамі на падставе “Грамадзянскай дамовы”. Няма дэпутатаў парламента — самі будзем дэпутатамі.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.